Падарожжа ў Краіну ветлівасці
16 красавіка ў межах праекта “Беларускі чацвер” адбылася захапляльная падзея: вучні 1 “В” і 1 “Б” класаў сталі ўдзельнікамі гульні “Падарожжа ў Краіну ветлівасці”. Гэты дзень стаў сапраўдным святам роднага слова і добрых манераў.
Першакласнікі з вялікай цікавасцю адгадвалі загадкі на беларускай мове, паспрабавалі сябе ў ролі перакладчыкаў ветлівых слоў і нават разгадалі тэматычную крыжаванку. Іх вочкі гарэлі радасцю, калі яны даведваліся, як па-беларуску сказаць “дзякуй”, “калі ласка” і “вітаю”.
Гэтае мерапрыемства — толькі першы крок нашых вучняў у мілагучны свет беларускай мовы. Але, спадзяюся, далёка не апошні. Мы імкнемся, каб родная мова гучала ў школе не толькі на ўроках, але і ў гульнях, жартах і шчырых зносінах. Бо мова ветлівасці — гэта мова душы. І хто, як не нашы маленькія беларусы, пранясуць гэты агонь праз гады? Мы ўпэўнены, што такія мерапрыемствы будуць працягвацца, бо менавіта з драбніц ветлівасці пачынаецца вялікая любоў да Радзімы.


