Я беларус, i гэтым ганаруся!
Працэс станаўлення асобы, маральнага развiцця адбываецца на працягу ўсяго жыцця. Дзяцiнства — найбольш спрыяльны перыяд у сэнсе авалодання асобнымi элементамi нацыянальнай культуры. З гэтай мэтай ва ўсiх установах адукацыi Магiлева праводзiцца «беларускi чацверг». Мова, безумоўна, асноўны сродак формiравання нацыянальнай свядомасцi, аднак гэтага недастаткова. Народнае мастацтва i культура — вось яшчэ адзiн спосаб абуджэння ў нас нацыянальнага духу.
Так вучнi 1 « Г» класа 28 лютага па маёй прапанове падрыхтавалiся да пазакласнага мерапрыемства па беларускай мове незвычайна: усе яны былi апрануты ў беларускiм стылi. Гэта быў эксперымент: у нашым уяўленнi беларуская вопратка выглядае старажытнай i несучаснай, непрыгоднай для нашага жыцця, патрэбна яна толькi для мастацкiх народных калектываў.
Аднак, бацькi i дзецi з задавальненнем рыхтавалi да ўроку свой беларускi касцюм. Усяго што i трэба было для гэтага-стужка з беларускiм арнаментам i творчасць. Безумоўна, мы ўразiлi сваiм выглядам: гэта было сучасна, прыгожа i па-беларску. Дзецi адчувалi сваю адметнасць, i гэта iм падабалася : на iх з захапленнем паглядалi вучнi iншых класаў.
Наш занятак меў мэту пазнаёмiць з нацыянальнай кухняй. Мы , як у Мiнску, вырашылi свой дзень прысвяцiць стравам беларусаў. У нашым кафэ «Беларускi смак» было шмат страў. Нездарма, бо згодна з паданнем Бог даў беларусу шмат рознай гароднiны, садавiны, ягад, грыбоў, каб беларус нiколi не быў галодны. А яшчэ ён зрабiў беларуса таленавiтым.
Наш чацверг быў цiкавы. На самой справе адчуваць сябе беларусам прыемна, а быць апранутым па –беларуску -гэта прыгожа.Мы вырашылi, што так будзем апранацца заўсёды ў чацверг i ў час iншых народных свят. Паспрабуйце i вы адчуць асалоду ад беларускага адзення. Упэўнена, Вам спадабаецца , а пачуццё гонару,што ты беларус,стане мацней. Без мiнулага няма будучынi. Гэта i ёсць праўда жыцця, жыцця народа – беларусы.
Т .В. Козырава, настаўнiк пачатковых класаў