І свет духоўнасці не гасне
У першыя вераснёўскія дні на ўсёй Беларусі ўсталёўваецца ўрачыста-ўзнёслая атмасфера. Пасля летняга канікулярнага зацішша наступае прыкметнае ажыўленне ў грамадстве. У гэты час па ўсёй рэспубліцы разгортваецца свята беларускага пісьменства. У выхаваўчых, навучальных і культурна-асветніцкіх установах ладзяцца разнастайныя мерапрыемствы, прысвечаныя беларускай кнізе, роднай мове. Не з’яўляецца выключэннем і наша школа.
Традыцыйна першы ў навучальным годзе “беларускамоўны чацвер” прысвечаны Дню беларускага пісьменства. Сёлета ён пачаўся з прагляду кніжнай выставы, прысвечанай кнігадрукаванню мінулага і сучаснага часу. Вучні 10-11 класаў падрыхтавалі прэзентацыі на тэму «Гісторыя кнігадрукавання». Для вучняў 5-6 класаў былі арганізаваны гутаркі пра родны край, пра нацыянальную мову і культуру, пра слынных асобаў, чыя дзейнасць спрыяла развіццю і росквіту духоўнасці. Вучні 7-8 класаў прынялі ўдзел у гістарычнай гульні “Вандроўка па родным краі”. Цікава прайшло для вучняў 9-ых класаў пазакласнае мерапрыемства ”Дарогі ведаў і духоўнасці”, падчас якога навучэнцы не толькі пазнаёміліся з гісторыяй кнігадрукавання, але і здзейснілі віртуальнае падарожжа па беларускіх гарадах — сталіцах свята, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання, актыўна паадказвалі на пытанні віктарыны “Сталіцы духоўнага шляху”.