«Беларусы – гэта маладая нацыя, але старажытны народ». Як вучань дзесятага класа прыбраў ініцыятыву ў свае рукі і пачаў папулярызаваць беларускую мову ў сваёй школе
Захар Бачкоў – звычайны вучань сярэдняй школы №41 горада Магілёва, які добра вучыцца, наведвае курсы польскай мовы і марыць аб тым, каб і ў нашай дзяржаве кожны ставіўся да свайго неабыякава…
У пачатку гэтага навучальнага года ён раздаў кожнаму настаўніку і працаўніку школы стылізаваны бэйджык, дзе ініцыялы ўладальніка і пасада напісаныя па-беларуску. Мы звярнуліся да Захара з прапановай расказаць нам аб тым, чаму ён вырашыў зрабіць гэты крок.
«Мне захацелася надаць навізны паўсядзённаму жыццю школы і вылучыць яе сярод іншых»
— Захар, чаму ты вырашыў зрабіць бэйджыкі менавіта на беларускай мове?
— Таму што ў Беларусі занадта мала людзей размаўляюць па-беларуску ў паўсядзённым жыцці. Я мяркую, што не існуе праблем адсутнасці ўвагі да нашай мовы ў дзяржаве, але інтэграцыя беларускай мовы ў жыццё беларусаў неабходна, каб захаваць нацыянальную самаіндэтыфікацыю і культуру беларусаў.
— Як прыйшла ідэя зрабіць такія бэйджыкі?
— Мне захацелася надаць навізны паўсядзённаму жыццю школы і вылучыць яе сярод іншых.
— Чаму ты ўвогуле захацеў гэта зрабіць?
— Мяне непакоіць сітуацыя з беларускай мовай. Асабіста я кожны дзень некаторы час размаўляю па-беларуску і хачу бачыць як мага больш беларускамоўных людзей. Пачаў з бэйджаў. Наперадзе яшчэ ёсць некалькі задумак.
— Адкуль узялася ідэя дызайну?
— Хацелася зрабіць нешта такое, што б падкрэслівала нашу гісторыю і адметнасць.
— Хто табе дапамагаў?
— Мой школьны настаўнік беларускай мовы Ірына Васільеўна Шараева.
«Некаторыя з іх не разумелі навошта мне гэта…»
— Як ты лічыш, твая ідэя спадабалася настаўнікам і працаўнікам школы?
— Канешне я спытаў у настаўнікаў і працаўнікоў школы, ці жадалі б яны мець нешта такое на сваёй працы. Амаль усе былі не супраць гэтага. Вялікая колькасць з іх, нават, была мне вельмі ўдзячная.
— Як ставіліся твае аднакласнікі да такой ініцыятывы?
— Некаторыя з іх не разумелі навошта мне гэта? Пэўная частка з іх была зацікаўленая гэтым і жадала, каб у мяне ўсё атрымалася. Але большасць з іх аднеслася да маёй ініцыятывы нейтральна.
— Можа яны казалі табе штосьці станоўчае ці адмоўнае?
— Адна з сябровак выказала думку, што на бэйджыках вельмі шмат арнаменту. Але большай частцы ўсё спадабалася.
«Усё прыйдзе з часам»
— Чакаеш ты ці не, што, дзякуючы тваёй ініцыятыве, ты зможаш звярнуць увагу да праблем роднай мовы?
— Не ведаю, ці зможа змена адных толькі бэджаў у маёй школе папулярызаваць беларускую мову хоць неяк лакальна, але ў будучыні яшчэ ёсць некалькі планаў па беларусізацыі школьнага жыцця. Толькі тады можна будзе казаць аб прыцягнутай увазе.
— Які лёс роднай мовы ты бачыш у будучыні?
— Адкажу так: калі беларускай мовы будзе больш у жыцці не толькі асобнага чалавека, але і ўсёй дзяржавы, калі яе папулярнасць будзе толькі расці, толькі тады можна будзе казаць, што такая нацыя, як беларусы застанецца на зямлі.
— Што б ты хацеў пажадаць кожнаму грамадзяніну Беларусі?
— Хачу пажадаць кожнаму беларусу не саромецца роднай мовы, пачаць размаўляць на ёй, не баяцца што вы яе кепска ведаеце і робіце памылкі. Усё прыйдзе з часам. Памятайце аб тым, што беларусы – гэта еўрапейскі народ са сваёй гісторыяй, культурай і мовай. Кожнаму з нас трэба ганарыцца сваёй дзяржавай.
Толькі калі мы захаваем сваю мову і нацыянальную самасвядомасць, толькі тады мы застанемся сапраўднымі этнічнымі беларусамі.
Беларусы – гэта маладая нацыя, але старажытны народ!